Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Тэорыя .doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
01.01.2024
Размер:
843.26 Кб
Скачать

Раздзел 6 культура прафесійнага маўлення Культура маўлення

Тэрмін «культура маўлення» азначае якасць маўлення і навуку аб якасці маўлення. Асноўнымі кампанентамі культуры маўлення з’яўляюцца правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, чысціня, выразнасць, дарэчнасць.

Правільнасць маўлення прадугледжвае захоўванне носьбітамі мовы літаратурнай нормы, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж тымі, хто вядзе гаворку. Правільнасць маўлення цесна звязана з такім паняццем як «норма».

Дакладнасць маўлення заключаецца ў адпаведнасці сэнсу слоў, выказванняў рэаліям, сітуацыям ці ў выкарыстанні пэўных слоў з уласцівымі ім значэннямі, якія зафіксаваны ў слоўніках, лінгвістычных даведніках. Дакладнасць маўлення цесна звязана з лексічнай нормай, што рэгулюе правільнасць выбару слова (слоў) для пэўнага кантэксту. Дакладнасць прафесійнага маўлення абумоўлена такімі фактарамі, як валоданне сінанімічным багаццем беларускай мовы, уменне размяжоўваць паронімы, амонімы, а таксама адрозніваць значэнні мнагазначных слоў.

Лагічнасць маўлення прадугледжвае пабудову несупярэчлівага, паслядоўнага выказвання, у якім асобныя часткі лагічна звязаны паміж сабой.

Дарэчнасць маўлення ўвасабляе адметны выбар моўных сродкаў у адпаведнасці з тэмай, сітуацыяй, мэтай выказвання, стылем, умовамі праяўлення маўленчай дзейнасці і г. д.

Выразнасць маўлення вызначаецца і дасягаецца найперш праз якаснае ўжыванне моўных сродкаў (наяўнасць трапных сінонімаў, параўнанняў, метафар, перыфраз і іншых вобразна-выяўленчых элементаў, што дапамагаюць зацікавіць слухачоў, даць ацэнку, павысіць узровень успрымання інфармацыі).

Чысціня вызначае мэтазгоднасць увядзення ва ўжытак асобных лексічных адзінак, што маюць абмежаваную сферу рэалізацыі (дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўныя лексемы), або адносяцца да слоў, выкарыстанне якіх у беларускай мове непажадана (русізмы, паразітычныя гукі і словы, запазычанні тыпу чао, о’кей і інш).

Багацце маўлення выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і ў адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні адных і тых жа слоў або выразаў.

Маўленчы этыкет і культура зносін

Значную частку свайго жыцця чалавек праводзіць на працоўным месцы. Немалаважнымі тут з’яўляюцца ўзаемаадносіны з начальнікам або падначаленымі, паколькі гэта ўплывае на мікраклімат у калектыве. Уменне весці размову, падтрымліваць гутарку, прымаць рашэнні – гэта неабходныя дзелавыя якасці службовай асобы.

У залежнасці ад абставін працоўнай дзейнасці зносіны дзеляцца на дзелавыя і свецкія. Дзелавыя або службовыя, афіцыйныя зносіны – гэта не толькі абмен інфармацыяй, як гэта звычайна адбываецца ў свецкіх зносінах, яны цягнуць за сабой выпрацоўку рашэнняў, заключэнне дамоў, прыняцце абавязацельстваў, невыкананне якіх можа прывесці да адміністрацыйнай ці юрыдычнай адказнасці. Свецкія (неафіцыйныя) зносіны звязаны з вольным часам, носяць культурны характар.

Зносіны могуць быць прамымі (адбываюцца ў форме гутаркі двух ці больш чалавек) і ўскоснымі (з дапамогай пісьмовай перапіскі або тэхнічных сродкаў). На характар і змест дзелавых зносін уплываюць інтэлект, кампетэнтнасць субяседніка, веданне ім прадмета размовы, здольнасць выходзіць са складаных сітуацый у працэсе гутаркі. Камунікабельнасць – гэта ўменне падтрымліваць размову (атрымліваць інфармацыю, выдаваць яе, уменне правільна ставіць пытанні).

У дзелавых зносінах значную ролю ў мове адыгрывае арыентацыя на тэхнічны або тэхналагічны бок справы ці на людзей, якія ўдзельнічаюць у вытворчым працэсе. Ад таго, якія з гэтых каштоўнасцей на першым месцы, у многім залежаць узаемаадносіны паміж начальнікам і падначаленымі, а таксама і паміж супрацоўнікамі. Пры накіраванасці на тэхніку і тэхналогію зносіны набываюць дзелавы тон, пры арыентацыі на чалавека ў ім значнае месца займаюць разам з дзелавымі і чалавечыя ўзаемаадносіны.

Поспех пасяджэнняў, сходаў, канферэнцый і інш. залежыць ад тэкстаў дакладаў і выступленняў, якія павінны рыхтавацца загадзя: план, тэкст, тэзісы. Абавязкова падтрымліваць візуальны кантакт з аўдыторыяй. Пачынаць неабавязкова з уступу, хоць ён і пажаданы, а з самага важнага і актуальнага. Абавязковым з’яўляецца вывад, падагульненне, дзе не толькі падводзіцца вынік, але і робяцца прапановы, напрыклад, па практычным прымяненні.

Важнейшыя патрабаванні да дзелавога выступлення – канкрэтнасць і канструктыўнасць. Неабходна пазбягаць расплыўчатых, агульных фраз, а таксама незразумелых тэрмінаў. Выступленне ўпрыгожвае правільная інтанацыя, змяненне тэмпу маўлення, вытрымліванне паўз паміж важнымі думкамі або пасля іх выкладу. Слухачоў могуць раздражняць няправільна вымаўленыя словы, памылкова пастаўленыя націскі, паўторы адных і тых жа слоў ці выразаў (магчыма паўтарэнне асноўных думак, але рознымі фразамі).

Дапамагаюць весці дыскусію веданне і ўжыванне этыкетных маўленчых формаў. Пачынаць дыскусію можна словамі:

Прыступім да работы...

Прашу вашай увагі...

Будзем пачынаць...

Дазвольце лічыць пасяджэнне адкрытым...

У ходзе абмеркавання вядучы можа выкарыстаць шэраг формаў:

Давайце абмяркуем...

Першае, што мы павінны абмеркаваць...

Дазвольце адрасаваць гэта пытанне...

Я думаю, што гэта пытанне можа быць зададзена пазней у індывідуальным парадку...

Працягнем абмеркаванне пытання...

Дазвольце перайсці да абмеркавання наступнага пытання...

Давайце вернемся да тэмы (праблемы, сітуацыі)...

Прашу не адхіляцца ад тэмы...

Абмеркаванне будзе ўзноўлена...

Дазвольце закрыць сход (пасяджэнне)...

Элементамі любой дыскусіі з’яўляюцца пытанні, якія задаюцца апанентамі і выступаючымі. Існуюць этыкетныя формы фармулёвак пытанняў:

Дазвольце задаць пытанне...

У мяне пытанне да...

Я хацеў бы задаць пытанне...

Мяне цікавіць...

Не маглі б Вы мне растлумачыць...

Выступленні і пытанні звычайна папярэджваюцца зваротамі: паважаныя, глыбокапаважаныя, таварышы, спадарства, сябры, калегі і інш. У адказах на пытанні могуць утрымлівацца наступныя выразы:

Я б хацеў адказаць на Ваша пытанне наступным чынам...

Паўтарыце, калі ласка, пытанне...

Я не магу адказаць на Ваша пытанне, таму што...

Наколькі я ведаю...

Дазвольце пачаць з адказу на апошняе пытанне...

Калі Вы не супраць, то я б хацеў падумаць...

Этыка правядзення дыскусій патрабуе пазбягаць абвастрэння спрэчак, канфліктаў. Дапамагаюць змякчыць сітуацыю этыкетныя формы выражэння нязгоды:

Я магу згадзіцца, але толькі пры пэўных умовах...

Я згодны з многімі палажэннямі, але лічу неабходным...

Я б хацеў падтрымаць, але...

Я б хацеў прыцягнуць Вашу ўвагу да...

У мяне ёсць некалькі заўваг...

Я не магу раздзяліць Вашу думку... па гэтым пытанні...

На мой погляд, нам неабходна абмеркаваць гэтае пытанне больш канкрэтна...

Любое выступленне заканчваецца падзякай. У любой дыскусіі неабходна выражаць павагу да субяседніка або апанента, нават калі яго выказванне на першы погляд здаецца недарэчным. Неабходна імкнуцца зразумець чужое меркаванне, цярпліва выслухаць яго. Дыскусія павінна весці да супрацоўніцтва, а не да канфрантацыі. На месцы сваёй працы чалавек знаходзіцца значную частку свайго жыцця, таму важным фактарам для большасці з’яўляецца маральны клімат у калектыве. Паступова супрацоўнік развівае свае дзелавыя якасці, прафесійнае маўленне, і больш плённа гэта адбываецца ў працаздольным і дружным калектыве.

Службовыя зносіны ўключаюць разнастайныя спосабы абмеркавання вытворчых, эканамічных, навукова-тэхнічных і іншых праблем. Найбольш распаўсюджанымі формамі калектыўнага разгляду дзелавых сітуацый з’яўляюцца нарады і сходы, якія адрозніваюцца паміж сабой толькі колькасцю ўдзельнікаў, а пытанні могуць вырашацца адны і тыя ж.

Соседние файлы в предмете Белорусский язык