Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Gistoryya_Belarusi.doc
Скачиваний:
40
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
829.95 Кб
Скачать

5. Адмена прыгоннага права. Асаблівасці буржуазных рэформаў у Беларусі.

5. Усведамленне сацыяльна-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай адсталасці Расіі, а таксама небяспека хуткага нарастання антыпрыгонніцкага сялянскага руху вымусілі ўрад прыступіць да падрыхтоўкі адмены прыгоннага права. Але ўрад жадаў, каб ініцыятыва аб вызваленні сялян ішла ад памешчыкаў, і ў першую чаргу ад Беларусі і Літвы. Па-першае, памешчыкі гэтых раёнаў былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз усходнееўрапейскі рынак. Па-другое, памешчыкі Беларусі і Літвы самі лічылі неабходным вызваліць сялян, хоць и без зямлі. Па-трэцяе, у беларускіх і літоўскіх губернях узмацніўся сялянскі рух, што было асабліва небяспечна для царызму ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы. Умовы вызвалення памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці былі вызначаны ў падпісаным Аляксандрам ІІ 19 лютага 1861 г. Маніфесце, агульным і мясцовым “Палажэннях” і дадатковых “Правілах”. Сяляне атрымалі асабістую вольнасць і пэўныя грамадзянскія правы, якія карэнным чынам змянілі іх становішча. Сярод гэтых правоў былі наступныя: самастойна распараджацца сабой і сваёй маёмасцю, засноўваць прамысловыя і гандлёвыя прадпрыемствы, непасрэдна звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы і суд, паступаць на службу ці ў навучальную ўстанову, запісвацца ў саслоўі мяшчан ці купцоў. Памешчыкі страцілі паліцэйскую і судовую ўладу над сялянамі і, разам з тым, вызваляліся ад усякай адказнасці за выплату сялянамі падаткаў і выкананне павіннасцей на карысць дзяржавы. За гэта адказвалі самі сяляне на аснове кругавой парукі. Атрымаўшы асабістую вольнасць, былыя памешчыцкія сяляне не атрымалі зямлі. Зямля прызнавалася ўласнасцю памешчыкаў. Сяляне павінны былі выкупляць зямлю па ўстаноўленай урадам значна завышанай цане. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе было шырока распаўсюджана абшчыннае землекарыстанне, прадугледжваліся вышэйшыя (ад 4 да 5,5 дзесяцін) і ніжэйшыя (ад 1 да 2 дзесяцін на душу мужчынскага полу) нормы сялянскіх зямельных надзелаў (1 дзесяціна – 1,09 га). У Віленскай , Гродзенскай, Мінскай і часцы Віцебскай губерняў, дзе існавала падворнае землекарыстанне, за сялянамі захоўваўся зямельны надзел, які яны мелі да рэформы. У тых выпадках, калі ў памешчыка пасля надзялення сялян зямлёй заставалася менш за 1/3 ад яго ранейшых зямельных уладанняў, ад сялянскіх надзелаў рабіліся адрэзкі на карысць памешчыкаў. Пры раздзеле зямлі памешчыкі пакінулі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да цераспалосіцы, калі памешчыцкія і сялянскія надзелы (палоскі) зямлі чаргаваліся паміж сабой у залежнасці ад месца знаходжання ўрадлівай глебы. Парадак размеркавання зямлі замацоўваўся ў спецыяльных дакументах – устаўных граматах. Свае надзелы сяляне павінны былі выкупіць ва ўласнасць. Адмовіцца ад зямельнага надзелу селянін не мог і абавязаны быў на працягу першых 9 гадоў пасля 1861 г. трымаць яго ў сваім карыстанні, а таксама выплачваць за яго грошы. Прадугледжвалася таксама, што сялянская абшчына на ўмовах кругавой парукі можа выкупаць зямлю і сама размяркоўваць яе паміж сялянамі. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Сума платы за зямлю вызначалася шляхам капіталізацыі пераведзенага на грошы аброку з разліку 6 % гадавых. Атрыманую з сялян выкупную суму памешчык мог пакласці ў банк і атрымліваць у выглядзе 6 % капіталу такі ж прыбытак, які раней ён атрымліваў з гадавога аброку. Такім чынам, сяляне павінны былі заплаціць не толькі за зямлю, але фактычна выкупіць і свае аброчныя павіннасці. Аднак сяляне не мелі такой сумы грошай. У сувязі з гэтым дзяржава выступіла ў якасці пасрэдніка паміж памежчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20-25 % ад выкупной сумы, а астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне сталі даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй так званыя выкупныя плацяжы. У склад штогадовых плацяжоў уваходзілі і працэнты, якія дзяржава брала за дадзеную сялянам пазыку. Да 1 студзеня 1907 г., калі выкупныя плацяжы былі адменены, сяляне заплацілі дзяржаве і памешчыкам за зямлю ў 3,3 раза больш, чым рыначная цана напярэдадні рэформы. Для кіравання сялянамі былі ўтвораны сельскія і валасныя ўрады. Сяляне, якія пражывалі на зямлі аднаго памешчыка і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка подацей і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Абвяшчэнне рэформы выклікала пад’ём сялянскага руху і паказала, што сяляне засталіся незадаволены “дараванай” ім свабодай. Асабліва ўпартую барацьбу сяляне вялі супраць складання ўстаўных грамат. Граматы меркаваліся ўвесці 19 лютага 1863 г., аднак у выніку супраціўлення сялян у маі 1864 г. 78 % грамат не было падпісана сялянамі. Узмацненне сялянскай барацьбы ў пачатку 1863 г. супала з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем. Гэта вымусіла ўрад пайсці на істотныя ўступкі сялянам Беларусі і Літвы. Часоваабавязанае становішча сялян адмянялася, яны пераводзіліся на выкуп і станавіліся ўладальнікамі сваіх надзелаў. Акрамя таго, на 20 % зніжаліся выкупныя плацяжы. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны феадальныя адносіны. Але галоўным прыгонніцкім перажыткам у эканоміцы пасля рэформы з’яўлялася памешчыцкае землеўладанне. Захоўваліся таксама сервітуты, цераспалосіца, ва ўсходняй частцы Беларусі не было ліквідавана абшчыннае землекарыстанне. Памешчыкі на тэрыторыі Беларусі трымалі ў сваёй уласнасці больш за палову ўсіх зямель. Сялянскія надзелы складалі толькі 1/3 усёй зямлі.

Лагічным працягам адмены прыгоннага права стала правядзенне ўрадам Аляксандра ІІ буржуазных рэформаў у 60-70-я гг. Вайсковая рэформа ўаодзіла замест рэкруцкай сістэмы камплектавання арміі ўсеагульную воінскую павіннасць. Земская рэформа прадугледжвала стварэнне земстваў – выбарных органаў для кіравання ў губернях і паветах мясцовай гаспадаркай, адукацыяй, аховай здароўя. На тэрыторыю Беларусі закон аб земствах не распаўсюджваўся ў сувязі з тым, што царскі ўрад пасля паўстання 1863-1864 гг. не давяраў мясцовым апалячаным памешчыкам. У выніку судовай рэформы суды сталі ўсесаслоўнымі, адкрытымі і незалежнымі ад урада. Пры разглядзе крымінальных спраў уводзіліся прысыжныя засядацелі, якія, не з’яўляючыся прафесійнымі юрыстамі, прымалі рашэнні згодна з дадзенай прысягай сумленна і былі незалежныя ад суддзяў. У дапамогу падсудным уводзілася пасада адваката – абаронцы іх інтарэсаў. У Беларусі судовая рэформа пачалася пазней, чым у расійскіх губернях, з увядзення ў паветах міравых суддзяў, якія не выбіраліся ў сувязі з адсутнасцю земстваў, а назначаліся міністрам юстыцыі. Пазней, чым у Расіі, пачалася ў Беларусі гарадская рэформа. Згодна з ёй у гарадах ствараліся выбарныя органы гарадскога самакіравання на аснове маёмаснага цэнзу. Рабочыя і рамеснікі, дробныя служачыя, інтэлігенцыя адхіляліся ад удзелу ў выбарах. Таму што не плацілі гарадскіх падаткаў. Акрамя таго ў гарадскіх думах абмяжоўвалася прадстаўніцтва яўрэйскага насельніцтва, якое складала большасць гарадскіх жыхароў. У Беларусі правядзенне рэформаў мела свае асаблівасці. Земская рэформа была праведзена толькі ў пачатку ХХ ст. Мясцовае дваранства з-за значнай перавагі ў ім палякаў, якім царскі ўрад не давяраў пасля паўстання 1863-1864 гг., было пазбаўлена права на выбарнае самакіраванне. Міравыя суддзі ў Беларусі не выбіраліся, а прызначаліся. Адкрываючы шлях для развіцця капіталізму і станаўлення буржуазнага грамадства, яны не закранулі асноў самадзяржаўнай улады, не ліквідавалі саслоўнае і нацыянальнае нераўнапраўе насельніцтва. Працэс мадэрнізацыі быў замаруджаны ў выніку ваеннага становішча, уведзенага ў пачатку 60-х гг. у сувязі з паўстаннем 1863 г. і адмененага толькі ў 1870 г.

Соседние файлы в предмете История Беларуси